Нізкі паклон вам, дарагія бабулі

Многа зараз разважаем пра тую дарагую цану, што мы заплацілі за перамогу. Асабліва гэта паказальна для нашай Беларусі, якая страціла ў гады вайны кожнага трэцяга свайго жыхара. Сёння хачу павесці размову не пра герояў вайны, а пра тых, хто перажыў цяжкія гады фашысцкай акупацыі і, не дачакаўшыся сваіх родных з фронту, гадаваў дзяцей, аднаўляў разрабаваную і разбураную гаспадарку, – пра ўдоў вайны, нашых бабуль. На іх жаночыя плечы ляглі цяжкія жыццёвыя выпрабаванні і ў гады вайны, і ў пасляваенны час.

Толькі сёння (на жаль, вельмі позна) прыйшло разуменне велічы іх подзвігу. Як многа мы ім у свой час не сказалі, як многа для іх не зрабілі. Сёння просім у вас прабачэння і нізка кланяемся вам, нашы дарагія бабулі.

У маіх аднагодкаў, народжаных у 50-х і 60-х гадах мінулага стагоддзя, у маёй роднай вёсцы на Крупшчыне ні ў каго не было дзядуль, бо яны загінулі на вайне. А былі толькі бабулі, і дажывалі яны свой век у сем’ях сваіх сыноў і дачок. Маладымі яны засталіся ўдовамі (у 35–40 год), расцілі нашых бацькоў, працавалі ў калгасе на полі ці на ферме, а ўжо ў пенсіённым узросце дапамагалі дома сваім дарослым дзецям з гаспадаркай, даглядалі ўнукаў.

Перад вачыма паўстае такі вось малюнак з майго дзяцінства. Летняя спёка, дарослыя і старэйшыя дзеці на сенакосе (дарагая кожная хвіліна), дома ж засталася з бабулямі малышня, але і ў іх былі важныя абавязкі. Бліжэй да абеду мы разам з бабулямі сядзім на лавачках каля сваіх хат і чакаем з лесу кароў на дойку. Справа адказная, хаця нам так і карціць збегчы з хаты на рэчку і акунуцца ў прахладную ваду.

Дзіўна сёння, што хадзіць купацца можна было без дарослых, ды і не патрэбен быў дазвол. Праўда, рэчка была ў вёсцы, праз дарогу. Але купацца можна было толькі тады, як загоніш карову ў хлеў. Без варыянтаў. Вось так сядзім і чакаем, каб не дай Бог гэтыя хітрыя каровы не пабеглі міма хат і праз рэчку, уброд, не ўскочылі на калгасны луг. Інакш бяды не мінаваць.

Калі ж гэта ўсё-такі здаралася, нам было не да жартаў. І вось тады мы, дзеці, (бабулям гэта было не пад сілу) імчаліся наперарэз статку. Не заўсёды гэта ў нас атрымоўвалася і за каровамі прыходзілася ўброд ісці праз рэчку. І вось калі адказная справа была зроблена, мы маглі бегчы купацца. А бабулі разыходзіліся па хатах, каб сустрэцца ўжо вечарам. Вось з кіёчкам пашыбавала бабуля Іваніха, за ёй яе суседка Мацвеіха, у другі канец вёскі накіравалася Саўчыха, следам Кірыліха з Паўліхай і іншыя вясковыя ўдовы – Міхаіліха, Апанасіха, Сцяпаніха, Барысіха…

Усіх гэтых бабуль, хаця і прайшло многа гадоў, бачу як жывых, вось толькі не захавала памяць іх сапраўдных імёнаў, а толькі імёны па мужу. Якую ж вялікую мудрасць праявілі гэтыя вясковыя жанчыны, застаўшыся да канца свайго жыцця ўдовамі Іваніхамі… Гэтым удовам імя па мужу стала напамінам пра іх даваеннае жыццё, пра тое, што яны былі каханымі і шчаслівымі. Яно, гэтае імя, як помнік ці абеліск загінуўшым дарагім для іх людзям.

На вясковым пагосце няма магіл нашых дзядоў, пахаваны яны на чужой зямлі. Але мы пра іх памятаем, як памятаем і пра нашых бабуль, дзякуючы якім сталі на ногі нашыя бацькі і з’явіліся на свет мы. Кожны раз, прыязджаючы на сваю малую радзіму, у сваю родную вёску, узгадваю тых, хто тут калісьці жыў. І ў першую чаргу нашых працавітых жанчын-удоў, нашых бабуль. Вечная ім памяць.