Праведная княгіня Сафія Слуцкая – адна з самых праслаўленых святых нашай краіны. У эпоху, калі праваслаўе было пастаўлена па-за законам, маладая жанчына дабілася выключнага права: праваслаўным жыхарам Слуцка кароль дазволіў свабодна вызнаваць сваю веру.

Княгіня паходзіла са старажытнага і паважанага роду Алелькавічаў, якія княжылі ў Слуцку з 1395 года. Многія Алелькавічы захоўвалі праваслаўе, такімі былі дзед і бацька Сафіі.
Нарадзілася будучая святая ў маі 1585 года, стаўшы апошняй прадстаўніцай роду Алелькавічаў. Ледзь з’явіўшыся на свет, князёўна засталася без бацькі. Яе маці Варвара праз сем гадоў выйшла замуж за гомельскага старасту Андрэя Сапегу. Так склалася, што пры жывой маці князёўна Сафія патрапіла пад апеку сваякоў па матчынай лініі. Тыя, на жаль, узялі на выхаванне дзяўчынку з карыслівых меркаванняў, плануючы пагасіць такім чынам абавязкі перад Радзівіламі (Сафія была багатай спадчынніцай). Таму княгіню Слуцкую было вырашана аддаць замуж за князя Януша Радзівіла.
Аднак ужо ў 14 гадоў Сафія, ведаючы аб планаваным замужжы з князем-каталіком, адмовілася здраджваць праваслаўю. Акрамя таго, князёўна настойвала і на выхаванні будучых дзяцей у праваслаўнай веры. 20 ліпеня 1600 года Януш Радзівіл звярнуўся да Папы Рымскага з прашэннем аб дазволе яму заключыць шлюб з князёўнай, самому застаючыся ў каталіцтве.
Жыццё Сафіі ў шлюбе не стала лягчэй. Праваслаўная вера на родных землях княгіні прыгняталася ўніятамі і каталікамі. Святая Сафія цвёрда стала на абарону праваслаўных святыняў. Яна ператварыла Слуцк у цвярдыню праваслаўнай веры, аказвала матэрыяльную і маральную падтрымку духавенству і жыхарам горада. Ёй былі ўласцівыя шчодрасць і прастата. Дагэтуль існуе жывое паданне, што княгіня пешшу прыходзіла ў пабудаваную на яе сродкі Пакроўскую царкву на Мір-гары, куды ў дзень Покрыва Прасвятой Багародзіцы сцякалася вялікая колькасць багамольцаў з розных месцаў.
Маладая жонка здолела натхніць і свайго мужа, які разам з ёю зай-маўся дабрачыннасцю, шчодра ахвяруючы сродкі на будаўніцтва і забеспячэнне праваслаўных манас-тыроў і храмаў.
Княгіня Сафія прымала жывы ўдзел у царкоўных справах. Яна пераканала мужа выпатрабаваць у караля грамату аб забароне ў іх уладаннях сілком прымушаць праваслаўных да уніі, чым забяспечыла юрыдычную абарону канфесійных інтарэсаў сваіх падданых.
Адышла да Госпада святая Сафія вельмі рана — у 26 гадоў, не здолеўшы перажыць роды дачкі, якая таксама памерла. Пахавалі княгіню ў Слуцкім Свята-Троіцкім манастыры. Нават пасля смерці жонкі Януш Радзівіл захаваў праваслаўе ў Слуцку і загадаў гэтак жа рабіць сваім нашчадкам.
3 красавіка 1984 года, згодна з рапартам Філарэта, мітрапаліта Мінскага і Беларускага, па благаславенні Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Пімена святая праведная Сафія Слуцкая была ўключана ў Сабор Беларускіх святых.



