Светлая постаць Рагнеды

Нягледзячы на тое, што Яраполк мог узяць Рагнеду толькі другой жонкай, у Полацку яму адказалі згодай: мець зяцем і мужам знатнага маладога князя Кіеўскага было вялікім гонарам. Усё было б добра, каб раптам не прыехалі ў Полацк сваты ад Уладзіміра. Змрочны і жорсткі наўгародскі князь быў незаконнанароджаным сынам Святаслава Ігаравіча. Ганарлівая Рагнеда адказала на сватаўство Уладзіміра зняважлівымі словамі: «Не хачу разуць сына рабыні, а Яраполка хачу». Вядома, што ў шлюбныя абрады таго часу ўваходзіў і такі, пры якім жонка разувала мужа ў знак пакоры. Было зразумела, што гордая князёўна не хоча рабіць гэтага для сына ключніцы. Абражаны адмовай, не жадаючы ў сваім будучым паходзе на Кіеў пакідаць за спінай такога магутнага праціўніка, як Полацк, Уладзімір сабраў наёмныя дружыны і выступіў супраць Рагвалода. Ён разбіў войска полацкага князя, забіў усю яго сям’ю. Адной Рагнедзе было падаравана жыццё. Толькі што гэта было за жыццё. З забойцам родных, нялюбым чалавекам, які гвалтоўна зрабіў яе сваёй жонкай і даў імя Гарыслава.

Рагнеда нарадзіла князю чатырох сыноў: Ізяслава, будучага вялікага полацкага князя, пачынальніка асобнай ад кіеўскай дынастыі Рагвалодавічаў; Яраслава, які стаў вядомы ў гісторыі пад імем Яраслава Мудрага; Мсціслава, будучага тмутараканскага і чарнігаўскага князя; Усевалада, заснавальніка Уладзіміра-Валынскага княства. Дала яна жыццё і дзвюм дачкам: Прадславе і Праміславе.

Рагнеда жыла адзінока, аддаленая і ад людзей, і ад сталіцы. 988 год стаў для яе ракавым. Уладзімір вырашыў прыняць хрысціянства і ажаніцца з Ганнай – сястрой візантыйскага імператара. Князь прапанаваў жонкам, якіх у яго было некалькі, развод і новае замужжа. Са сваім уладаром яны не спрачаліся, акрамя Рагнеды. «Княгіняй была, не хачу быць рабыняй», – адказала яна кіеўскаму князю. Верагодна, непасрэдна пасля гэтых падзей Рагнеда і зрабіла замах на жыццё мужа. Князь наважыўся пакараць Рагнеду смерцю, але за маці заступіўся Ізяслаў. Тады Уладзімір саслаў жонку і сына ў спецыяльна пабудаваны на землях, што належалі калісьці Рагвалоду, гарадок Ізяслаўль (Заслаўе).

 У 990 годзе Рагнеда прыняла хрысціянства. Чорнае манаскае адзенне не проста аддзяліла ад свету, яно ўзвысіла яе і дало маральную перавагу. Манахіня Анастасія (новае імя Рагнеды) заснавала пад Ізяслаўлем першы ва ўсходнеславянскіх землях жаночы манастыр, з якога і пачало пашырацца на Беларусі хрысціянства. Любімая народам, узвышаная духавенствам Рагнеда-Гарыслава-Анастасія ў 1000 годзе адышла ў іншы свет. Памяць пра гордую полацкую князёўну доўга жыла ў народзе. Яшчэ ў XIX ст. этнографы запісвалі паданні аб Рагнедзе. У яе гонар было названа возера, што знаходзілася непадалёку ад манастыра, і два прытокі ракі Свіслачы – Княгінька і Чарніца.